Спіш, гот-жаўрук? А я тут працую, і на мяне нарынула. 00.30

Памятаеш – у Сяродзем’і свет эльфаў нязменны, але ў заняпадзе, нібыта далёкае мінулае, што захоўваецца, але хутка знікне, а свет хобітаў і людзей развіваецца. І менавіта ў эльфаў адчуванне страты і заняпаду, што хутка ўсё знікне. 00.30

А тут, у Менску, наадварот. 00.31

Заняпад нашага свету, нашага часу. Для кагось цяпер усё не так, як было ў дзяцінстве, у савецкія часы ці калі ён трапіў у тусоўку ці суполку. А не так значыць горш. 00.32

А для мяне гэта той час, калі горад быў збольшага нязменным. Адносна старым і зялёным. Канешне, яно і тады мянялася, толькі мала, павольна і там, дзе я не бачыла. А можа, справа ў тым, што я толькі апынулася тады тут і толькі вывучала яго, знаходзіла ўсё больш цікавага і не ведала, якім яно было раней, да мяне. 00.35

Але дакладна быў час, калі ўсё заставалася такім, якім я яго сустрэла. 00.36

А цяпер ідзе такі доўгі, жудасны, смяротны перыяд разбурэння, паўсюднага. 00.36

Канешне, ствараецца і нешта новае. Штось рамантуецца, фарбуецца, тэхнічны прагрэс, файны і не зусім мой. Хаця, канешне, я ўжо і не заўважаю, як звыклася, што не трэба сядзець і баяцца, што падлучэнне, якое некалькі хвілін усталёўвалася, зноўку сарвецца, і два мегабайты песні зноўку не запампуюцца. Але смартфон жа во купіла якраз перад гэтай усёй пандэміяй, і мне аднолькава рэвалюцыйна, што паглядзець, ці хутка будзе аўтобус, што спісацца ў горадзе і аператыўна памяняць планы, што пасядзець у Зуме. 1.13

Для мяне ўвогуле галоўная рэвалюцыя адбылася, калі стала можна не хадзіць у бібліятэку і, больш за тое, знаходзіць кнігі, якіх у нас не прадаецца. Працаваць дома з хуткім і безаварыйным інтэрнэтам. Пісаць не на пошту, а ў месенджэр. То бок, даўно. 1.14

А тое новае, пра што я чула, але не мусіла разбірацца, мне цікавае, але недзе фонам, недзе па-за мной. 1.14

А во смерць таго, што я люблю, - яна са мной адбываецца. Нейкі час я толькі ў яе чаканні і жыла: выходзіш у горад – і азіраешся: што яшчэ яны забілі? Якіх дрэваў і будынкаў не стала? І нешта знаходзілася амаль заўжды. І, зразумелая рэч, яно больш за ўсё прыбівае, калі ты трошкі забыўся на гэта, адважыўся парадавацца чамусь. 1.15

Але вось наш трэнер. Ён жыве дзеяннем. Ён любіць не рэчы, не месцы, а танец. І мне думаецца, што той, хто жыве дзеяннем, самы шчаслівы чалавек. Таму што дзеянне – гэта бясконцы рух і прагрэс. Нейкія імпрэзы, выступы, падрыхтоўка, перапіска, новыя вучні, новыя клёвыя відэа на Юцюбе. Фокус не на тым, што мы займаліся ў гэтым будынку, там было так файна, а цяпер яго знеслі, і шкада. Што мы хадзілі па гэтай алеі, а цяпер яе высеклі. Не на тым нават, што быў у нас выдатны настаўнік ці таварыш, а цяпер з’ехаў або памёр, усё, неверагодныя былыя часы скончаныя. А на руху і развіцці. 1.39

А ў халмах усё стабільна – і весела. У іх свой сусвет. І свае праблемы. І свае смерці. Але не паўсюль, не так, не настолькі, не пераважаючы. Ну, ты ж сам бачыў. А сюды, у наш, яны завітваюць, і ім не шкада, як турыстам. Ну, хіба трошкі. 1.40

Зразумела, не толькі ў Менску – па ўсёй Зямлі. Хтось навокал бачыць заняпад і смерць, а хтось – росквіт і развіццё. А потым памяняюцца. Хтось трапляе ў шпіталь ці ў яго памірае хтось блізкі – і для яго жыццё спыняецца, усё, што было важным, адыходзіць кудысь у фонавую памяць – ага, было такое, я ж гэтым займаўся, туды-сюды збіраўся, хваляваўся, як усё паспець. А вакол цябе жыццё працягваецца. І гэта можа цябе кранаць да слёз, злаваць, можа, наадварот, рэзка перастаць хваляваць. 1.45

А вось у Доктара яно так заўсёды. Ён бясконца прывязваецца – праўда, да людзей толькі, не да месцаў, - бясконца страчвае іх, - і, як і эльфам Толкіна, яно яму памятаецца і баліць таксама заўсёды. І чым больш у ім болю, тым больш у ім і жыцця. І імкнення бачыць і рабіць новае. І радавацца яму. 1.56

Доктар сказаў – “Some things are worth getting your heart broken for”. 2.09

Мы заўсёды будзем губляць. Што не прычына адмаўляцца сустракаць, знаходзіць і пакутаваць. 2. 11

Адным з маіх крэда было тое, што я некалі пачула ў фільме: “зрабіць дасканалым сваё сучаснае”. 2.16

І гэта такі самурайскі будызм. Калі ты знаходзіш сабе актуальныя задачы, глядзіш не ў свой боль, а на тое, што ўсё яшчэ існуе, і яно табе цікавае. Бяжыш па рубу манеты, каб не выпаў ніякі яе бок, бяжыш з усіх сіл, ведаючы, што цябе можа захлынуць і гора, і адчай, і радасць, і захапленне, што ты заўсёды будзеш губляць, няма хэпі энду. І чым болей імкнешся бачыць, не апускаючы галавы, – тым болей страты. Проста так весялей, хай і страшна. Гэта адзіны спосаб не прывязвацца, прывязваючыся, памятаючы і сумуючы. Асабліва калі жывеш доўга, а тым болей вечна. 2.20